• Новости
  • Афиша
  • Авторы

IRL.BY

  • Искусство
    • Кино
    • Литература
    • Музыка
    • Фотографии
    • Игры
  • Репортаж
  • Люди
  • Колонки
  • Книжная полка
Главная Искусство Музыка Drwiwy. Падпалi беззаганны цырк

Drwiwy. Падпалi беззаганны цырк

У пачатку лістапада мінска-гомельскі гурт Drwiwy выпусціў новы альбом «Cyrk Biezzahanny«. Мы не маглі пакінуць без увагі такую падзею ў беларускай музыцы.

Плытка «Cyrk Biezzahanny» стала ўжо другой у гісторыі калектыва. Рабяты моцна выраслі з таго часу, хаця і засталіся вернымі свайму стылю.

Гэта музыка незвычайная,  але пужацца  не варта.  Першая песня, як і мае быць, задае тон усяму альбому – шмат шумелак, грымелак, перкусіі, енкаў, гукаў жывёл – словам, паўнавартасны цырк. Іранічная манера  вакаліста вельмі нагадвае  адзін з маіх улюбёных гуртоў “АукцЫон”  у іх ранні перыяд, а вось аранжыроўка ўжо нагадвае “АукцЫон” цяперашні. Тэксты ў Drwiwy змрочныя і як быццам-бы несур’ёзныя, але пры гэтым багатыя на вобразы.

Taniec Niecikavaha

 

1-museo_del_prado_-_goya_-_caprichos_-_no-_72_-_no_te_escaparas

«Хіба ты не марыў збегчы адсюль? Хіба ты не марыў падпаліць цырк?»

Песня «Танец нецікавага» распавядае пра тое, як да нас прыехаў цырк, той самы «Цырк Беззаганны» – сімвал зменаў, сімвал ачышчэння, сімвал надзеі на новае лепшае жыццё.

«Раніцай прывезлі штосьці ў цягніках <…> раніцай прывезлі штосьці страшнае.»

«Танец нецікавага пасярод свайго двара, танец нецікавага супраць цырка» –  гэта манатонны цыкл жыцця чалавека, які нічым не цікавіцца. Гэта бессэнсоўныя скокі, якія не былі заўважаны нікім, таму што усе пайшлі глядзець на цырк.


Śpieŭ Haradkoŭca

 

2-museo_del_prado_-_goya_-_caprichos_-_no-_38_-_brabisimo

«Дамавіны і дамы ўсе гарэлі ў вагні і цяпер ужо што дым вашы душы і жыцці.»

Працягвае альбом царкоўна-змрочны «Спеў Гарадкоўца» – гэта сучасны гарадскі фальклор. Жыхары Мінска пачуюць там не толькі знаёмыя назвы, але і адчуюць увесь вядомы сюр сталіцы. Акрамя таго, у тэксце выкарыстоўваюцца эратычныя вобразы, за якімі можна ўбачыць рысы горада. Адбываецца свайго роду хуманізацыя. У песне цудоўным чынам злучаецца вясковы дух цёмных восеньскіх хацін і брудная шызафрэнія гораду, а званочкі, барабанны набатны рытм і бэк-вакал надае гэтаму сакральнасці і, у нейкай ступені, паганства. Да таго ж увесь гэты набор не без іроніі, вядома.

 


Spadar Elektralit

 

3-museo_del_prado_-_goya_-_caprichos_-_no-_24_-_no_hubo_remedio

«З гэтым светам заўсёды так.»

Гэтая песня нагадвае мне эпоху 80-х па аранжыроўцы (паслухайце, як падобна да «Одинокого мужчины» 1989 г.).

Медныя духавыя напрацягу ўсёй песні надаюць нешта сярэдняе паміж ваенным аркестрам і гудком цягніка. Так і адчуваеш, быццам прыехаў на Жданы раніцай нядзелі. На радыёрынак. Дарэчы, тут зноў выкарыстоўваецца прыём адушаўлення. Гэтая песня, па сутнасці,  пра тое, як усё нестабільна і незразумела ў нашым жыцці, пра тое, як часта чалавек шкадуе аб  зробленым, таксама пра “чыстую выпадковасць”. Яшчэ мне вельмі падабаецца, што Drwiwy спяваюць пра нас, пра месцы, знаёмыя беларусам, і ты адчываеш, што гэта мясцовая музыка, ты пазнаеш і радуешся нечаканаму выкарыстанню штодзённага беларускага жыцця ў мастацтве.


Pačvary z uzlesku

 

4-museo_del_prado_-_goya_-_caprichos_-_no-_48_-_soplones

«Нада-надакучылі.»

Гэта песня светлая і лясная, як усход сонца, хоць і распавядае пра пачвар. Не трэба баяцца, пачвары нястрашныя, гэта нашыя, мясцовыя, беларускія пачвары, мы кожную з іх ведаем у твар.

Песня распавядае пра страхі і боль, які тым не менш не з’яўляецца нясцерпным, і пра тое, як чалавек вучыцца жыць з гэтым і паступова супакойваецца. У нейкім сэнсе тут таксама пра спакусы і сілу волі. Адкрыты фінал паказвае, што пачвары прыходзілі не апошні раз, гэта далёка не канец. Калі выкарыстоўваць матэрыальныя вобразы, то мне ў галаву прыходзіць такі: чалавек, які абраў жыццё на хутары, кожную ноч мучыцца бессанню, кожную ноч чуе гукі з лесу і бачыць невядомыя цені. Ён сядзіць у крэсле насупраць вакна на золках, чытае кнігу і разумее, што да наступлення цемры пачвары сышлі, а ў яго атрымалася перажыць яшчэ адну ноч.


Karali

 

5-museo_del_prado_-_goya_-_caprichos_-_no-_77_-_unos_a_otros

«Гонар моцны мерцвякоў.»

Увесь альбом быццам зборнік зашыфраванага беларускага эпасу: з жахамі і інтрыгамі, якія не выклікаюць у нас дысанансу, таму што яны частка нашай культуры.

Песня «Каралі» распавядае нам  пра тое, колькі «каралёў» ляжаць у невядомых трунах, схаваныя пад пячаткай часу. Песня аздабляецца як-быццам-ляснымі-гукамі, гудкамі, капытамі. Гэта гісторыя пра тайны, якія храніць беларуская зямля.

 

 

 

 

 


Śvińni

 

6-museo_del_prado_-_goya_-_caprichos_-_no-_49_-_duendecitos

«Ха, мая дзетка, што зрабілася!»

На мой погляд, гэта самая красамоўная песня ўсяго альбому з голасам гугл-перакладчыка спачатку. Калі б мяне папрасілі апісаць Drwiwy адной песняй, я бы выбрала менавіта гэтую. Цудоўна зробленае гукавое асяроддзе, шумы сакавітыя і гаваркія, партыі інструментаў пастаянна быццам бы «плывуць з ноты», эмітуючы вецер, скрыпучыя дзверы. У песне ідзе размова двух галасоў-антыподаў: светлага – больш высокага, і цёмнага – нізкага. Інструменты напрацягу кампазіцыі імітуюць галасы жывёл. Свінячыя галовы як сімвал рэжыму, партрэтаў у кабінетах, соцыуму, бруднасці свядомасці. Зноў выкарыстоўваецца каронны прыём гурта – перасячэнне урбаністычнага і пастаральнага. Гэта паказвае універсальнасць народных вобразаў у любыя часы.

 


Vosieńskaja Baba

 

7-museo_del_prado_-_goya_-_caprichos_-_no-_44_-_hilan_delgado

«ха.ха. —  нечаканы краявід
мае брыдкі від»

Пад «восеньскую» бабу, сапраўды, хоць на рэйвах каўбасіцца – такі змрочны беларускі Depeche Mode. Біт, зроблены з шуму (такі прыём таксама нядаўна выкарастала беларуская выканаўца Mustelide  у песне «Spi») здаецца нібыта гукам жорнаў.

У параўнанні з папярэднімі гэтая кампазіцыя больш электронная.

Піаніна з дылэям дадае касмічнасці твору, а бэк-вакал рассыпаецца, павялічваючы прастору. Аднойчы, калі я ішла ў раёне трактарнага завода, павярнуўшы галаву, я заўважыла твар старой жанчыны на першым паверсе. У 7 раніцы яна стаяла у цемры і сачыла за мінакамі. Гэта было даволі жудасна – такое ж уражанне стварае гэтая кампазіцыя. Песня пра беларускую няжыццясцвярджальную восень, пра старасць, пра адзіноту, пра роспач, і пра тое, як пачынаеш схадзіць з глузду з-за ўсяго гэтага. 


Lekar-Alejkar

 

8-museo_del_prado_-_goya_-_caprichos_-_no-_50_-_los_chinchillas

«Лекар-алейкар, падары мне новае сэрца»

Песня працягвае вечарыну, распачатую «Восеньскай бабай». Вантробныя басы і гукі… ці то кропель вады ў металічным памяшканні, ці то дзюбаў птушак страваюць ужо больш урбаністычную карціну, калі параўноўваць з «бабай».

Гэта быццам песня вар’ята і таго, як ён бачыць жыццё (у тым ліку свайго лекара), як быццам спеў з-за сценаў псіхлякарні.

«Кроў  лячу, кроў, мачу, чарвякоў выразаю.»

Гучыць нібы з рота доктара: «Аналіз крыві, аналіз мачы і ангістамінаў папейце».

І здаецца, не так ужо ўсё і па-вар’яцку, на самой справе: не больш за чэргі ў паліклініках ці абыякавых лекараў.

 


Dziki

 

9-museo_del_prado_-_goya_-_caprichos_-_no-_42_-_tu_que_no_puedes

«Пасадзі дубочак, пасадзі.»

А гэтая песня самая камерная і мінімалістычная з альбома. Голас размаўляе з вамі блізка, у адно вуха, вы літаральна знаходзіцеся ў адным памяшканні з выканаўцам. Барабаны плотныя, як жалуды, і б’юць проста ў сэрца. Мне падаецца, гэта з-за таго, што ў кампазіцыі амаль не выкарыстоўваецца малы барабан, да якога ўсе мы звыкліся, слухаючы музыку. Затое з’яўляецца сола саксафона. Гэта песня-паветра, у параўнанні з напоўненымі папярэднімі кампазіцыямі альбома. Пры гэтым музыка злучаецца з даволі простым тэкстам. Часам нават здзіўна, з якіх простых элементаў потым складаюцца выдатныя песні.

 

 


Kudy Jany?

10-museo_del_prado_-_goya_-_caprichos_-_no-_19_-_todos_caeran

«Iм будзе такі гонар – людзі ставяць іх у сваіх хатах.»

Вакал у гэтай песне – адна гісторыя, якая паўтараецца шмат разоў – абсалютна фальклорны прыём. Мне падаецца, што гэтая кампазіцыя пра тое, што дамінантны від чалавека зрабіў з прыродай.  Гэта, магчыма, песня пра новы год і пра тое, што людзі робяць з дрэвамі на гэтае свята: па сутнасці, «Белые розы» Ласкавага мая, але пра елкі. Магчыма, калі дрэвы і іншыя расліны маглі бы, яны б сышлі ад нас.

Песня абрываецца на паўслове, як і жыццё, а далей толькі шоргаты, шоргаты, шоргаты.

 

 

 

 


Lod u dziubie tvajoj

 

11-museo_del_prado_-_goya_-_caprichos_-_no-_64_-_buen_viage

«я ніколі не чуў і ніколі не знаў, як самота адплывае
я ніколі не чуў і ніколі не знаў, як турбота прамінае»

Гэта песня містычнай беларускай ночы. Насякомыя, драўляныя кавалкі рознай гукавысотнасці б’юцца з усіх бакоў і ты не можаш зразумець – зараз вылязуць «пачвары з узлеску» ці нічога не адбудзецца. Далей пачынаецца туманная, воблачная раніца. Аўтар нібы адшукаў мёртвую птушку, што застыла ў лёд на маразы. Песня, нібы маятнік, раскачваецца і цягне слухача за сабой. Вельмі меланхалічная халодная кампазіцыя, у якой аўтар спакойна назірае за тым, што адбываецца вакол, але не ўмешваецца ў ход падзей.


O Dzicia

 

12-museo_del_prado_-_goya_-_caprichos_-_no-_40_-_de_que_mal_morira

«Казка скончылася і табе пара спаць.»

А вось і апошні нумар цыркавой праграмы, клоун у жудасным грыме абагульняе ўсё сказанае раней.

Здаецца і спяваецца «добрай ночы», але гітарная партыя і вялікі барабан выдаюць зусім, зусім іншае: тэкстам кажуць «будзь шчаслівым у свеце ценяў», а музыкай ілюструюць той самы свет. Drwiwy рыхтуюць чалавека да вяртання ў яго штодзённую рэальнасць і музыкай кажуць «там цябе чакае прыкладна такое, але ты ўсё роўна будзь шчаслівы». Ладна?


Ілюстрацыі: Франсіска Гоя, «Капрычас».

Ноя 25, 2016Анастасия Казакова
7 г. назад МузыкаМузыка, Музыкальный обзор, Рецензия174
Анастасия Казакова
ORLYHALL PARTYУловка Джозефа Хеллера
© 2013 ‒ 2019 «IRL.BY»