Чаму яго ты не забіла,
Чужынца, бабніка, забойцу?
Якая сіла нож спыніла –
Кальчуга? Шлюбны сон? Жаноцкасьць?
Ты – не забіла... Не парвала
Ахвяр і хціўцаў сувязь злую.
І ў божай ночы пакрывале
Зямля твая, як ты, вякуе.
Крывавы Полацк не счакаўся
Крывавых Кіева маленьняў...
Не дыяменты-сьлёзы – стразы,
Падробкі – ты ліла, напэўна,
Князёўна – болей не князёўна,
Княгіня – болей не княгіня,
Пры ўладару – п’яным і сонным,
Па скошанай, як луг, радзіне.
Ты мусіла забіць, Рагнеда!
Ты столькі год жыла рабыняй,
Кляла яго – ды ён – ня ведаў,
Нянавісьць прывівала сыну,
І – ўсё дарма...
Твае нашчадкі
Павязаны чужой крывёю.
Іх будуць ваяваць спачатку,
Пасьля – пазбавяць сілы вояў,
Пасьля – імя сваё прыўлашчаць,
І будзе край гібець бясьсілы...
Твой муж цябе задоўга лашчыў.
Чаму яго ты не забіла?
...Вось ён глядзіць на нож дарэмны,
Усьмешка злая крывіць вусны.
Ідзі, няўдалая царэўна,
Далоў з вачэй, да Белай Русі...