Гэй, збірайцесь, крывіцкія дзеці
пад народны, пад горды наш сцяг!
Воля Краю нам зоркаю свеціць,
яго шчасце — у нашых руках!
Мы за волю крывіцкіх прастораў,
мы за спадчыну нашых дзядоў
аддамо, каб насыціўся вораг,
жыццё наша і нашую кроў.
Але Краю, што Нёман галубіць,
гэтых сэрцаў, што воляй гараць, —
ўжо не будзе арол крывадзюбы
да крыві пазурамі здзіраць!
Нам не страшны сібірскі больш холад,
нам не страшны маскаль або лях,
чужы серп непатрэбны, ні молат —
мы разгорнем крывіцкі наш сцяг!
Нашы сэрцы гімн родны зайграюць!..
Адгукнецеся, сёлы, ў адказ!
Мы нясём жыццё наша для Краю,
мы нясём жыццё наша для вас!
Станем дружна ўсе брат каля брата,
абаронім Краіну грудзьмі,
воля будзе вялікай заплатай
за нягоды цяжкой барацьбы!
1941