Гэтымі днямі выйшаў новы альбом гродзенскага гурта «.К [tochka K]» пад назвай «Dobrazol». Дзве папярэднія плыткі былі запісаны Яўгенам Кучмейнам самастойна, але да выдання трэцяга альбома ён нарэшце адшукаў сваю «дрім тім». Адразу растлумачу, што гэта за «плытка-біаслойка»: як казалі самі рабяты ў відэа, альбом атрымаўся мнагаслойным: у ім шмат сэнсавых слаёў, шмат працоўных слаёў-этапаў і менавіта пра гэта сёння і пойдзе размова. На наступнай тэкставай прасціне я буду разважаць пра тэмы, формы, гук і пачуцці, якія выклікае гэтая музыка і паспрабую зрабіць так, каб вам захацелася паслухаць не толькі свежы альбом «.К», але і ўсе папярэднія.
А зрабіць гэта вы можаце ТУТ.
Значыць так, сябры, адчыняе альбом інструментальны трэк «Снег», ён з самага ганка дэманструе слухачу brand new гучанне і паступова рыхтуе да таго, што будзе далей. Нас сустракаюць «зарэверсаваныя» (перагорнутыя задам наперад) інструменты, якія ўносяць ледзь заўважную нотку вар’яцтва, пасля чаго адразу абрушваецца ўсё «цела песні» – моцнае, цвярозае, упэўненае, пасталелае. Разам з музыкамі ў калектыў не толькі прыйшлі новыя інструменты, але і змяніўся сам характар твораў, яны «напіталіся», «загудзелі», сталі больш фундаментальнымі і дынамічнымі. Пэўным чынам «Снег» нагадвае яшчэ адзін беларускі гурт – «Port Mone». Не, не столькі інструментальным складам, колькі самадастатковай гісторыяй, якая не патрабуе тэксту. Але пакрочым далей.
Песня «Семена» – гэта этніка, створаная перкусіяй і характэрнымі для яе рытмовымі малюнкамі, якія наш мозг адразу счытвае і выклікае прыродныя вобразы – гэта той выпадак, калі музыка і тэкст узаемапрапітваюцца, і, у прынцыпе, па адной толькі музыцы мы маглі б прыкладна ўявіць сабе, якім павінен быць тэкст (і ў адваротны бок таксама). З гэтай песні, на мой погляд, пачынае пісацца галоўная думка альбома… але пакінем гэтую інтрыгу для эфектнага абагульнення напрыканцы, тым больш, што зараз ужо гучыць «Баланс».
А гучанне, між іншым, усё цяжэе і цяжэе. Не зусім звычайная ў плане гармоніі гітарная партыя ў куплетах прыносіць у альбом сучаснасць, урбан, а прыпевы ўжо адкрыта кідаюць у твар жыццесцвярджальны пасыл: «Чувак, хочаш не хочаш, але давядзецца ўсё адолець, усё перамагчы, усё перасіліць». Не, сур’ёзна. Выбару ў вас няма.
Пасля гэтага выкіду моцы рабяты даюць слухачу аддыхацца на песні «Пух». Гэта, на мой погляд, песня касмічнай тэматыкі (вы толькі паслухайце сінтэзатар!), песня-джэм, якая рабілася адразу і музыкай, і тэкстам, пісалася з заплюшчанымі вачыма, седзячы за інструментам, амаль што імправізацыя, амаль што плынь свядомасці. Чырвонай ніткай праз яе ідзе глабальны пасыл усяго альбома, пра які гаворка пойдзе ніжэй.
Песня «Один человек» ужо добра вядомая слухачам, яна ўваходзіла ў першы альбом пад назвай «оК», але зараз кампазіцыя была перапрацавана і выдана ўжо пад зусім іншым соусам, з-за чаго пэўным чынам змяніўся і сэнс: яна стала менш адзінокай, больш светлай, пяшчотнай, як добры ўспамін. Але не трэба верыць мне вось так, на слова – вы можаце паслухайць 2 версіі і параўнайць самі (абавязкова напішыце ў каментарыі, калі нешта высветліце).
Наступны трэк «Фары» падаўся мне даволі дыдактычным – гэта словы чалавека, які «ведае, як трэба», чаго і вам жадае. Такім чынам «.К» «нацэліліся на неба», і не толькі ў межах гэтай песні, а наогул.
А вось за «Кінамеханіка» я пасылаю стваральнікам асобны рэспект; смачны, стылёвы, упэўнены мінімалізм, вакал з прыдыханнем і хрыпам… з-за гэтай песні мне становіцца літаральна СКЛАДАНА (ва ўсіх сэнсах). А якое лоўкае параўнанне існавання з бясконцай стужкай, а бога («хто запусціў праэктар?») з кінамеханікам? Тры лічбы – 3.54. Давайце паміраць разам на гэтым моманце, абмазваючыся вакалам Яўгена, эквалайзерамі і гукавым калажом (а потым можна «засняць кіно, пераглядзець» = паставіць на рэпіт у нашым выпадку).
Песня «Робін Гуд» была створана як быццам спецыяльна для таго, каб уключаць яе ў навушніках ды ісці «на справу» глыбокай ноччу. На высакародную справу, вядома, толькі так. Словаў часам не разабраць, і з-за гэтага ствараецца ўражанне, нібы гэта заклінанне, нібы вас гіпнатызуюць. Песня містычная больш, чым цалкам: з кашлем, з крыкамі, з праваламі, з сінкопамі. Робін Гуд падняўся з труны, каб вяршыць справядлівасць. Гэта песня-вуншпунш, песня-рытуал. Адчуваеце? Падаецца, з вамі нешта зрабілі.
А вось «са справы» вы можаце ісці ўжо пад «Бэдмінтон», да таго ж яна наступная ў спісе. Стылёва гэтае песня вельмі нагадала мне расійскі гурт «Пионерлагерь пыльная радуга» – у ёй адчуваецца такі ж дух вуліц, такая ж маладая агрэсія і моц.
Пачынаючы з «Кінамеханіка», альбом усё разганяецца і разганяецца: павышаецца тэмп, павышаецца пульс, павышаецца градус іроніі і злосці. Да той пары, пакуль не даходзіць да сваёй кульмінацыі на «Арбитре». Уражанне, быццам з вясёлай вечарыны мелкіх сукубаў у пачатку кампазіцыі мы разам са зменай тэмпу перамяшчаемся на прыём да «вышэйшага зла».
Увогуле, гэтыя 4 песні былі як агонія, як трызненне, як страшны сон, пасля якога прачынаешся, ахінуты трывогай і страхам ды клічаш у цемры: «Отец, отец, мама…» (песня «Выход и начало»).
Завяршае альбом трэк «Чёрный вальс». Гэта нібыта мантра, нібы замова, быццам бы проста набор рыкаў, складоў і хаатычнага смеху, змяшанага з музыкай. Гэта завяршэнне рытуалу, апошні этап вакханаліі, ірацыянальная моц, паганскія традыцыі ды жывёльныя інстынкты. Гэтай кампазіцыяй слухач «дажымаецца», дзякуючы чаму ён атрымлівае, можна нават сказаць, новы духоўны вопыт.
Абагульняючы, скажу, што галоўны пасыл плыткі можна змясціць у словах: «Малое – у вялікім, вялікае – у малым». Законы і прынцыпы паўсюль аднолькавыя – розныя толькі формы і маштаб. Што шлях зерня, што шлях чалавека – суцэльнае падабенства. Напрыклад, вены на руцэ – гэта пражылкі лісця раслін, гэта рэкі планеты, гэта вуліцы гарадоў, гэта кропля акварэльнай фарбы. Альбом «Dobrazol» заклікае глядзець глабальна, бачыць сістэму ў тым, што на першы погляд падаецца хаосам. Ён вучыць таму, што дабра не бывае без зла, што змрочныя песні могуць стацца самымі жыццесцвярджальнымі эвэр, што гэты кантраст – самае смачнае, самае д’ябальскі прыгожае, але ў той жа момант і самае празрыстае ды чыстае. Бярыце жыцця поўныя лёгкія, поўны рот і адчувайце яго разам з «.К».
Фатаграфіі: Дар’я Лабанава.