Мастачка-ілюстратар Воля Кузьміч распавядае пра творчасць, сацыяльную тэматыку, кубачак гарбаты, іронію, дэдлайны і качак-наркадылераў.
Як усё пачыналася
Я не маю пры сабе ніякай падзеі, якая мяне асяніла і дзякуючы якой я стала думаць: “Вось зараз я буду займацца маляваннем і ўсё тут!” Лічу, што гэта неяк с часам прыйшло.
У дзяцінстве, бывала, бацькі раніцай мне выдавалі чысты альбом, а вечарам я яго вяртала цалкам замаляваным.
Аднак цяпер большая частка працы адбываецца ў галаве. Многія рэчы даюцца з выхаваннем. Я проста вельмі ўдзячная сваей сям’і, Палессю — мясцовасці дзе я вырасла. Яно дало мне жартаўлівы падыход да рэальнасці. Што бы не адбывалася, я заўжды імкнуся знаходзіць у гэтым пазітыўныя моманты. Адлюстроўваючы тыя ці іншыя сацыяльныя тэмы, я заўжды стараюся паказаць іх з кропляй іроніі. Гэта не крэда, такі падыход прыйшоў з выхаваннем, і гэта тое, што я стараюся пранесці за сабой.
Я заўседы вельмі хацела гэтым займацца, але не так шмат было магчымасцей і часта з’яўлялася тысяча найбольш важных справаў: вучыцца ў школе, паступаць у ліцэй, затым прыйшоў час матэматычнага ўніверсітэта, грамадскай дзейнасці і юрыдычнай адукацыі. Паколькі маляванне было маім нязменным хоббі з дзяцінства, яно заўжды заставалася заняткам у вольны час. І я не ведаю, як тады яшчэ ўмудралася рабіць камерцыйныя замовы.
Для мяне маляванне – гэта ўжо не проста характар заняткаў, яно стала пэўнай мовай, сродкам вырашэння нейкай задачы.
І вось зараз мне падаецца, што ўжо шкада часу проста маляваць. Для мяне маляванне – гэта ўжо не проста характар заняткаў, яно стала пэўнай мовай, сродкам вырашэння нейкай задачы. І калі я бачу наперадзе сітуацыю альбо праблему – мне прасцей вырашыць яе праз малюнак. Я лічу, што гэта своеасаблівая ўніверсальная мова. Яна можа быць зразумела людзям з розных краін на эмацыйным узроўні, калі пэўную ідэю ці тэму выказваеш праз выяву без аніводнага слова, але каб ідэя была зразумелая.
Быў у мяне цікавы досвед удзелу ў злёце маладых мастакоў з болей чым 10 еўрапейскіх краін. Блізу 15 чалавек сабраліся на галандскім востраве далёка ў Паўночным моры, каб за тыдзень стварыць кнігу коміксаў. Гішпанка, сірыец, францужанка, серб, латышка, я з Беларусі і гэтак далей. Ва ўсіх розная англійская мова, акцэнт, часу амаль няма, а задума яшчэ была ў тым, што кожны комікс малюецца ў дзве рукі, а не так што кожны мастак сабе ціхенька ў куточку нешта стварае. Мы жылі ў адным з самых жывапісных месцаў, якія я толькі бачыла. Амаль бязлюдны востраў з найпрыгашэйшымі пейзажамі, ветрам, які дзьме так, што ўся расліннасць расце пад моцным нахілам. Жылі мы ў былым свіране для авечак, пераробленым пад мастацкую рэзідэнцыю. Малявалі і днём і ноччу, ежу таксама сабе гатавалі разам. І гэта быў акурат той выпадак, калі часам размаўлялі між сабою малюнкамі ці эскізамі, бо так хутчэй і больш зразумела. Ня важна, пра што была гаворка: як адлюстраваць у коміксе абраную тэму альбо якія прыправы будзем класці ў абедзеную страву – ілюстрацыя была нашай агульнай мовай.
Кніга, дарэчы, ужо выйшла, вялізнае выданне вагой болей 2 кг. Дзякуючы сябрам прыехалі «кніжачкі» з Амстэрдаму і да мяне.
Аб праекце “Як чуецца, так і малюецца”
Насамрэч, у любой мове ёсць такія вясёлыя штодзённыя выразы, якія ўспрымаюцца шматзначна. А ў Беларусі з дзвюхмоўем тым больш, бо гучанне некаторых словаў можа быць падобным, а сэнс — зусім іншым. Таму размова беларускамоўнага і рускамоўнага часам гучыць вельмі весела. У беларускамоўным асяродку ёсць такі папулярны жарт пра кубачак гарбаты. Мне здаецца, што ён існуе стагоддзямі. І калі я вырашыла гэта намаляваць, у мяне хутчэй узнілка пытанне: “Ну няўжо ніхто дагэтуль не намаляваў кубачак гарбаты?»
Так выйшла, што пасля поспеху першай часткі праекту працяг можна лічыць супольным. Сябры, падпісчыкі ў сацсетках пачалі прапаноўваць розныя ідэі на тэму «Як чуецца, так і малюецца». Так, напрыклад, мяне натхнілі на новы малюнак пасля адной прэзентацыі прапановай: «А можа намалюй тое, як пытанні паўсталі?»
Мне падабаецца рабіць такія пазітыўныя, іранічныя праекты. І я лічу, што вельмі важна ўмець з іроніяй ставіцца да сябе. Мова, як і любы іншы жывы інструмент, — гэта натуральна і весела.
Самы запамінальны и любімы праект
Усё запамінаецца, але звычайна апошні праект – самы любімы. Таму што з ім жывеш і з ім прачынаешся, менавіта ён захапляе большую колькасць тваіх думак і часу. Але я памятаю, напэўна, усе праекты. Наогул кажучы, мне вельмі падабаееца слова праект. Файна рабіць не адзіночныя рэчы, а менавіта мысліць катэгорыямі, альбо серыяй анімацыяў. Таму што заўжды, калі паглыбляешся ў пэўную тэму, хутка разумееш, што існуе шмат рэчаў, якія можна і нават хацелася бы адзначыць, а не толькі прайсціся павярхоўна. Калі я раблю камерцыйныя замовы альбо мае ўласныя тэмы, ствараю сістэмна некалькі рэчаў, каб раскрыць гэтую думку шырэй.
На дадзены момант самай роднай для мяне з’яўляецца серыя “Як прыручыць ільва”, якая адлюстроўвае прыгоды хатняга ката. Не так даўно я стала ілюстратарам да дзіцячых экалагічных кніжачак, якія ўжо выйшлі ў свет. І на дадзены момант я таксама распрацоўваю камп’ютэрную гульню на аналагічную тэматыку. Але гэта пакуль сакрэт.
Прафесія мастака-ілюстратара
Часам людзям падаецца, што гэта вельмі багемная прафесія. І вось сёння атрымала ты замову і будзеш суткамі сядзець у сваёй келлі з пэнзлем і з важкім відам разважаць пад кубачак кавы.
Насамрэч, гэтая прафесія вымагае яшчэ больш сур’ёзнага падыходу. Ты сам мусіш быць для сябе і мэнэджэрам, і арганізатарам.
Ты сам сабе выбудоўваеш графік. І калі сёння збіраешся намаляваць пяць ілюстрацый — малюеш. А ёсць зараз ў цябе крызіс ці яго няма — трэба умець жыць з гэтым і штодзённа спраўляцца.
Не важна, гэта камерцыйная замова альбо мой уласны праект, я заўжды прысвячаю час планаванню, каб максімальна прадумаць хаду працы і ведаць тэрміны яе завяршэння. У гэтым сэнсе я люблю дэдлайны, бо яны арганізуюць і дазваляюць рабіць шмат праектаў. І нават калі на ўсю працу ёсць толькі два дні, я стараюся абраць са сваіх здольнасцяў тыя, якія дазволяць выканаць працу ў адведзены час.
Кожны дэдлайн – як маленькі Новы год, а “навагоднія” праекты, вядома, мала сэнсу рабіць пасля 31 снежня.
Адзін з самых запамінальных прыкладаў у сэнсе экстрэмальна кароткіх тэрмінаў для мяне – гэта стварэнне кампутаровай гульні Duck’n’kill , якую наша маленькая каманда (у складзе мяне і двух праграмістаў) стварыла за 24 гадзіны. Мы падбіліся ўдзельнічаць у адным з хакатонаў, якія цяпер робяцца папулярнымі па ўсім свеце. Гэта такі фармат спаборніцтваў, калі на нейкі вызначаны прамежак часу – звычайна адзін-тры дні, збіраюцца спецыялісты ІТ: праграмісты, дызайнеры, мэнэджары – на месцы афармляюцца ў каманды і мусяць зрабіць завершаныя прадукты. Хто лепшы – таму слава і прызы. Натхнёныя прыставачнымі гульнямі з нашага дзяцінства і будучы аматарамі ўсяго новага, мы, як і ў дзяцінстве, хацелі “пастраляць” па качках на экране, але не мышкай ці іншай прыладай, а літаральна пальцам. Як зрабіць гэта тэхнічна? Гэта і была справа маіх калегаў. А ў мяне было 24 гадзіны, каб намаляваць усю графіку. А паколькі персанажы ў мяне, звычайна, добрыя і іранічныя, нават калі злодзеі, то каб рука не дрыжала “страляць” па качках, я прыдумала невялічкую перадгісторыю: качкі-наркадылеры вараць у вагончыку нешта падазронае і прадаюць гэта іншым качкам. Задача гульца – уратаваць свет, не даўшы качкам-дылерам узляцець. Працэс быў вельмі адрэналінавы, не да сну! І ў нас усё атрымалася, усё паспелі, качкі лёталі, пальцы стралялі – і прынеслі нам усе прызы. Праект мы потым дапрацавалі і апублікавалі бясплатна.
Яго вы можаце знайці на гэтым сайце.
Далучайцеся да яе группы.
Фатаграфіі: Дар’я Лабанава